КЛІ́МАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1978 у г. Клімавічы Магілёўскай вобл. на базе матэрыялаў краязн. музея гар. сярэдняй школы № 3. Адкрыты ў 1984. Пл. экспазіцыі 282 м², больш за 3,8 тыс. экспанатаў асн. фонду (1998). Мае калекцыі пісьмовых крыніц, прадметаў археалогіі, нумізматыкі, зброі, ткацтва, нар. побыту, твораў выяўл. мастацтва Клімавіцкага р-на. Сярод экспанатаў бівень маманта, каменныя прылады працы 3—2-га тыс. да н.э., «Трэбнік» 2-й пал. 19 ст., мінея на крас. 1868, узоры нар. адзення, тканыя посцілкі, ручнікі, матэрыялы пра Клімавіцкія гімназіі, дзейнасць падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, вучоных, мастакоў і пісьменнікаў.

Л.​М.​Андрушкова.

т. 8, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)